БІНА́РНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА

(ад лац. binarius двайны),

бінамінальная наменклатура, у сістэматыцы жывых арганізмаў назва відаў двайным імем паводле роду і віду. Упершыню ўведзена К.Лінеем (1758). Садзейнічала уніфікацыі назваў жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Ліней прапанаваў абазначаць віды лац. назвамі: 1-е слова (назва роду — назоўнік) пішацца з вял. літары, 2-е, што абазначае сам від, — з малой. Да двайной назвы віду дадаецца поўнае або скарочанае імя вучонага, які ўпершыню апісаў дадзены від. Напр., вінаград скальны — Vitis rupestris Scheele, пчала меданосная — Apis mellifera L.,, воўк — Canis lupus L.,, дзе L. — імя Лінея. Бінарная наменклатура замацавана міжнар. кодэксамі наменклатуры і прынята Міжнар. саюзам біял. навук.

Літ.:

Международный кодекс зоологической номенклатуры: Пер. с англ. и фр. 3 изд. Л., 1988.

І.К.Лапацін.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)